Любимый сборник сказок моего детства №6

Было гэта яшчэ за панамі. А ліхія ж былі паны! Не людзі, а звярʼё. Трапіш да такога пана, то хоць кладзіся ды памірай: нічым яму не дагодзіш. Кажуць жа: зачыні чорту дзверы, дык ён у акно ўлезе. Гэтак і пан. Ты яму выстранчаеш, шчыра робіш, а ён усё крычыць: «Не так, шэльма, не так, галган, не так, пся крэў!» І есць цябе поедам, здзекуецца, зневажае. А чуць што не ўнаровіш — жыўцом скуру зніме.
Ой цяжка, вельмі цяжка было жыць за панамі!
Дык вось.
Быў у адным маёнтку такі ліхі пан. Чаго ён толькі не вытвараў! Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго насмерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў.
Загадаў аднойчы паганы пан, каб усе, хто мае валоў на продаж, прыводзілі іх толькі ў яго маёнтак. Паставіў па канцах сяла варту і не дазваляў праехаць туды ніводнаму купцу.
Прывядзе хто вала ў маёнтак на продаж, а пан паглядзіць і кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!
І заплаціць, як за казла. А хто пярэчыць уздумае — пашле на стайню ды ўсыпле розаг.
Доўга мучыліся людзі з такім паганым панам, доўга цярпелі, — бо што зробіш, каму паскардзішся? Паны ж тады ўсюды сядзелі — і ў маёнтках, і ў судах.
Ды знайшоўся нарэшце адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды.
Гэта быў здатны і ўдалы дзяцюк. Звалі яго Рымша.
Рана ён асірацеў, але і адзін неяк такі ўзбіўся на гаспадарку. Горды быў хлапец Рымша. Ніхто не адважваўся яго і пальцам крануць.
Прывёў Рымша ў маёнтак вала прадаваць. Выйшаў пан на ганак і кажа:
— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!
Глянуў Рымша, што нікога блізка няма, паказаў пану папліску ды пытаецца:
— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прывёў табе вала, а не казла!
( Collapse )