Ведьминская Изба (anna_rina) wrote,
Ведьминская Изба
anna_rina

Любимый сборник сказок моего детства №3

belnaviny.by-muzhyk-i-zhonka


Адзін мужык часта сварыўся з жонкаю.

— Гультайка ты! — крычыць на яе. — Я і ару, і кашу, а ты нават абед лянуешся прынесці мне ў поле!

— Ды ў мяне дома работы больш, чым у цябе ў полі, — адказвае жонка. — Калі мне насіць табе абед?

Мужык не верыць жонцы:

— Якая дома работа! Такую работу я гуляючы зраблю.

Узлавалася аднойчы жонка.

— Калі так, — кажа, — то я паеду араць, а ты заставайся дома.

Мужык зарадаваўся:

— Добра. Цяпер ты ўбачыш, хто з нас праўду кажа! Араць — гэта не гаршкі ў печы перастаўляць.

Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку:

— Толькі ж глядзі, каб усю работу парабіў.

Мужык кінуў вокам на хату:

— А якая тут работа?

— Бачыш, вунь рошчына ў дзяжы?

— Бачу, — адказвае мужык.

— Дык намялі мукі ў жорнах, замясі цеста, а як падыдзе, пасадзі хлеб у печ.

— Ну, гэта работа лёгкая, — махнуў мужык рукою. — Яшчэ якая?

— Збі масла.

— І гэта не цяжкая. Што яшчэ?

— Пільнуй цялят на выгане, каб у шкоду не ўлезлі. Абед звары ды за квактухаю наглядай, каб з рэшата не зляцела, бо яйкі астынуць.

Расказала жонка мужыку, што яму дома рабіць, сабралася і паехала ў поле. Мужык тупае па хаце, пасміхаецца сам сабе: «Я не толькі зраблю гэтую работу, а і выспацца паспею».

Закурыў ён люльку і пачаў муку малоць. А каб спарней работа ішла, прывязаў да пояса бойку са смятанаю. Круціць жорны, а сам ківаецца, дык смятана — боўць, боўць! — на масла збіваецца.

Добра ідзе работа!

Тут раптам суседскія дзеці як залямантуюць пад акном:

— Дзядзька, вашы цяляты ў шкоду залезлі!

— Ах, каб іх ваўкі зʼелі! — закрычаў мужык і, як стаяў, кулём кінуўся на выган.

А бойка — трах, трах! — яго па каленях.

Прабег ён крыху ды грымнуўся як сноп вобземлю. Накрыўка ў бойцы выскачыла, і ўся смятана вылілася.

Падняўся мужык, плюнуў са злосці і пабег далей. Выгнаў цялят з аўса і прыгнаў іх дамоў.

— Не хочаце, — кажа, — на выгане пасвіцца, дык стойце ў хляве галодныя!

Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, зʼела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата.

Вытурыў мужык свінню вон, стаў пасярод хаты і чухае патыліцу: што ж цяпер рабіць? Трэба, думае, хоць яйкі ратаваць, бо як астынуць, дык і кураняты не выведуцца: бяда будзе ад жонкі… Пакруціўся сюды-туды — няма курыцы.

Сеў мужык з гора сам на рэшата. «Як вернецца квактуха, — думае, — тады я злезу абед варыць, а яе пасаджу».

Ехаў праз вёску казак і зайшоў у хату вады напіцца. Убачыў мужыка на рэшаце.

— Што ты робіш? — пытаецца.

— Куранят выседжваю, — адказвае мужык.

— Хто ж гэта цябе, небараку, пасадзіў на рэшата?

Расказаў мужык пра сваю бяду — як ён дома за гаспадыню застаўся і як не пашанцавала яму. Парагатаў казак, а потым давай бізуном яго хвастаць…

Лупіць і прыказвае:

— Вось табе за тваю дурноту! Жонка поле арэ, а ты што робіш?

Круціўся, круціўся мужык і падушыў усе яйкі. Бачыць — няма ратунку. Саскочыў з рэшата ды ходу. Залез з перапуду на гару і схаваўся там у кораб з перʼем.

Казак напіўся вады ды паехаў далей. А мужык сядзіць у перʼі, ад страху калоціцца.

Тым часам прыехалі жончыны бацькі ў госці. Зайшлі ў хату.

Паглядзела цешча на непарадкі і кажа да дзеда:

— Не дзіва, што зяць з нашаю дачкою сварыцца! Мусіць, такі і праўда, што яна гультайка.

— Калі так, — кажа дзед, — дык аддамо гасцінец не дачцэ, а зяцю!

belnaviny.by-muzhyk-i-zhonka-1

Мужык усё гэта чуў з гары. «Які ж яны гасцінец прывезлі?» — узяла яго цікавасць.

Перагнуўся ён цераз кораб, каб паглядзець гасцінец, а кораб — бабух! — і паляцеў далоў разам з мужыком.

Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы і ўбачылі там мужыка ў перʼі.

— Чорт! Чорт! — закрычалі яны ў адзін голас.

Баба пачала хрысціцца, а дзед схапіў качаргу ды давай чорта дубасіць:

— Бач, нячыстая сіла, куды панадзіўся цягацца!

Усхапіўся мужык і кінуўся на агарод. Схаваўся там у каноплях і сядзіць, ні жывы ні мёртвы, пабітыя бакі чухае.

Вярнулася ўвечары з поля жонка.

Бацькі кажуць ёй:

— Ну, цяпер ты з мужыком будзеш добра жыць.

— Чаму? — пытаецца дачка.

— Бо мы выгналі чорта з вашай хаты. Гэта ён, пракляты, сварыў вас!

І праўда: перастаў пасля таго мужык абзываць жонку гультайкай.
Tags: беларусь, мова, сказка
Subscribe

promo anna_rina october 6, 2016 22:34 2
Buy for 100 tokens
Ниже приведены ссылки на все мои отзывы по дорамам и азиатским фильмам (с минипостерами, т.к. у дорамы порой несколько названий) в период с 2014 по 2016гг. (здесь еще должен быть отзыв на "Веру", но я его где-то посеяла=))) ) СОВРЕМЕННОЕ, мелодрама Да, господин модельер! Будь…
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments