Ведьминская Изба (anna_rina) wrote,
Ведьминская Изба
anna_rina

Любимый сборник сказок моего детства №6



Было гэта яшчэ за панамі. А ліхія ж былі паны! Не людзі, а звярʼё. Трапіш да такога пана, то хоць кладзіся ды памірай: нічым яму не дагодзіш. Кажуць жа: зачыні чорту дзверы, дык ён у акно ўлезе. Гэтак і пан. Ты яму выстранчаеш, шчыра робіш, а ён усё крычыць: «Не так, шэльма, не так, галган, не так, пся крэў!» І есць цябе поедам, здзекуецца, зневажае. А чуць што не ўнаровіш — жыўцом скуру зніме.

Ой цяжка, вельмі цяжка было жыць за панамі!

Дык вось.

Быў у адным маёнтку такі ліхі пан. Чаго ён толькі не вытвараў! Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго насмерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў.

Загадаў аднойчы паганы пан, каб усе, хто мае валоў на продаж, прыводзілі іх толькі ў яго маёнтак. Паставіў па канцах сяла варту і не дазваляў праехаць туды ніводнаму купцу.

Прывядзе хто вала ў маёнтак на продаж, а пан паглядзіць і кажа:

— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!

І заплаціць, як за казла. А хто пярэчыць уздумае — пашле на стайню ды ўсыпле розаг.

Доўга мучыліся людзі з такім паганым панам, доўга цярпелі, — бо што зробіш, каму паскардзішся? Паны ж тады ўсюды сядзелі — і ў маёнтках, і ў судах.

Ды знайшоўся нарэшце адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды.

Гэта быў здатны і ўдалы дзяцюк. Звалі яго Рымша.

Рана ён асірацеў, але і адзін неяк такі ўзбіўся на гаспадарку. Горды быў хлапец Рымша. Ніхто не адважваўся яго і пальцам крануць.

Прывёў Рымша ў маёнтак вала прадаваць. Выйшаў пан на ганак і кажа:

— Што ж ты прывёў, асёл? Гэта ж не вол, а казёл!

Глянуў Рымша, што нікога блізка няма, паказаў пану папліску ды пытаецца:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прывёў табе вала, а не казла!

І давай дубасіць пана папліскаю.

Біў, біў, пакуль рука не забалела.

— Вось табе, — кажа, — за тое, што з людзей здекуешся! Калі вычухаеш, то чакай мяне яшчэ ў госці.

Сказаў гэта Рымша, кінуў вала і ўцёк у лес.

Знайшлі дваровыя людзі пана без памяці — так змясіў яго Рымша.

Толькі на трэці дзень апрытомнеў пан.

— Злавіць мне Рымшу! — загадаў ён слугам.

Ды дзе там! Таго і след ветрам замяло. Лясы даўней былі цёмныя, густыя. Жыві ў іх колькі хочаш, ніхто цябе і не ўбачыць.

Мінае дзень за днём, а пан ніяк ачуняць не можа. Якіх толькі дактароў не клікалі — ніхто рады не дасць: мусіць, яму Рымша добра такі адсадзіў пячонкі.

Тым часам прыехаў у маёнтак новы доктар з поўным сундуком усялякіх лекаў. Паклікаў пан да сябе новага доктара, частуе і просіць, каб палячыў яго.

— Добра, — кажа доктар, — я пана вылечу. Трэба толькі нацяпліць лазню.

Нацяплілі слугі лазню. Павёў доктар пана ў лазню, пасадзіў на палок ды загадаў трымацца аберуч за жэрдку. А сам пачаў націраць яго ўсялякімі мазямі.

Сядзіць пан, трымаецца за жэрдку ды толькі крэхча. Але не доўга ён крахтаў. Дастаў неўзабаве доктар з кішэні сырамятны пасак, прывязаў ім да жэрдкі панавы рукі і заткнуў яму вехцем рот. Пасля ўзяў папліску і кажа:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла…

Бачыць пан, што гэта Рымша, а не доктар, хоча крычаць, ды не можа — вехаць у горле!

Круціцца пан, як уюн на гарачай патэльні, а Рымша лупіць яго папліскаю па чым папала. Траха не ўсю скуру садраў з пана.

Потым сеў на каня і паехаў. Толькі яго і бачылі.

Доўга хварэў пан. Усе думалі, што капцы ўжо яму. Ды ліхога і смерць не бярэ: пад вясну акрыяў пан і надумаўся за граніцу, на воды, ехаць.

Пачаў збірацца, а тут якраз грошай не хапае. Парашыў ён прадаць лес. Пусціў пагалоску, і пачалі прыязджаць купцы аглядаць лес. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся.

Аднаго дня прыехаў у маёнтак нейкі вельмі ж багаты з выгляду купец. Павёў яго пан аглядаць лес. Пан хваліць лес, хоча даражэй з купца злупіць, а купец усё падтаквае яму ды адводзіць далей у гушчарнік.

Забраліся яны ў такую нетру, што і свету не відаць. Тут купец давай рукамі хвоі абнімаць, сажнем таўшчыню мераць. Абхапіў і пан адну хваіну.

— Вось, — кажа, — глядзі, якая калодзішча! Золата, а не лес.

А купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым дастаў з-пад крыса папліску, паказаў пану і пытаецца:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла!

І пачаў пярэсціць пана…

Біў, біў, колькі ўлезла, ды так і пакінуў прывязаным да хвоі. Увесь дзень прастаяў пан каля дрэва, пакуль не знайшлі яго там дваровыя людзі.

Можа, з год пасля таго пракачаўся пан, а ўсё няма ачунку.

Зноў раяць яму дактары ехаць на воды. Прадаў пан лес, збожжа, жывёлу. Набраў шмат грошай і сабраўся ехаць за граніцу, на воды. А Рымша ўсё цікуе за панам. Даведаўся ён, па якой дарозе будзе ехаць пан, і зрабіў на яго пастку: паставіў у лесе за ганок трое адзін ад аднаго двух конных хлапцоў з папліскамі.

Падʼехаў пан да першага хлапца, а той здалёк патрос папліскаю і крычыць:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза?

— Хапай, хапай яго! — крычыць пан на фурмана. — Гэта ж Рымша!

Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прыпражнога каня і пагнаўся за хлапцом. Як толькі ён знік з вачэй, да панскага воза падʼехаў другі такі ж хлапец. Замахнуўся папліскаю і кажа:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза?

— Хапай, хапай яго, галгана! — закрычаў, пан на лёкая. — Гэта ж Рымша!

Ускочыў лёкай на другога каня і памчаўся за хлапцом. Застаўся пан адзін у карэце. Тут ні адсюль ні адтуль перад ім апынуўся сам Рымша. Дастаў ён з-пад крыса папліску, патрос ёю і пытаецца:

— Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла!

Збіў Рымша пана на горкі яблык, забраў грошы і пайшоў у лес, у сваю зямлянку.

Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашыма памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў.

Яшчэ і да гэтага часу ў цёмным лесе паміж Заполлем і Навасёлкамі стаіць гара. Завуць яе Рымшаваю гарою. Кажуць, там і жыў той горды і смелы дзяцюк Рымша.
Tags: беларусь, в_мире, мова, сказка
Subscribe

Recent Posts from This Journal

  • (no subject)

    Супарцоўнікі і наведнікі газеты «Наша Ніва» каля будынку рэдакцыі на вуліцы Завальнай у Вільні. Пачатак XX ст.

  • Сёння

    29 ліпеня 1939 года саветы "афіцыйна" змянілі назву Менск на Мінск. Гэтае перайменаванне было выкліканае ўзмацненнем рэпрэсіяў супраць…

  • (no subject)

    Рынкавая плошча ў Нясвіжы, 1930-я гг.

promo anna_rina october 6, 2016 22:34 2
Buy for 100 tokens
Ниже приведены ссылки на все мои отзывы по дорамам и азиатским фильмам (с минипостерами, т.к. у дорамы порой несколько названий) в период с 2014 по 2016гг. (здесь еще должен быть отзыв на "Веру", но я его где-то посеяла=))) ) СОВРЕМЕННОЕ, мелодрама Да, господин модельер! Будь…
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments